ПРОЦІРАКЕ́ТНАЯ АБАРО́НА (ПРА),

комплекс сіл і сродкаў, а таксама мерапрыемствы і баявыя дзеянні па адбіцці ракетна-ядз. ўдару шляхам паражэння ракет і іх баявых частак на траекторыі палёту. У склад сістэмы ПРА уваходзяць: сродкі далёкага выяўлення балістычных ракет, проціракетныя комплексы рознай далёкасці дзеяння, комплекс вылічальных сродкаў, сродкі перадачы інфармацыі. Асн. этапы выканання баявой задачы: выяўленне ракет у палёце і іх распазнанне, вызначэнне параметраў траекторый руху ракет, іх перахоп і знішчэнне, у т. л. проціракетамі. Адрозніваюць сістэмы ПРА: тэрытарыяльную (абарона краіны), занальную (абарона буйных раёнаў), аб’ектавую (абарона адм., прамысл. і ваен. аб’ектаў), вайсковую (абарона войск). З 1980-х г. у некат. краінах у мэтах ПРА распрацоўваецца касмічная зброя. (Гл. Стратэгічная абаронная ініцыятыва.).

А.​А.​Салаўёў.

т. 13, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)